ГІСА́РСКАЯ ДАЛІ́НА,

міжгорная ўпадзіна ў сістэме Гісара-Алая, у Таджыкістане, паміж паўд. ускраінай Гісарскага хр. і паўн. ўскраінамі гор Бабатаг, Каратау і інш. Даўж. каля 115 км, шыр. да 20 км, выш. ад 700 да 1000 м. Арашаецца р. Кафірніган з прытокамі і водамі Вял. Гісарскага канала. Пасевы бавоўніку, кунжуту, пшаніцы. Садоўніцтва. На схілах гор да выш. 1200—2000 м субтрапічныя стэпы, хмызнякі і шыракалістыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У Гісарскай даліне — г. Душанбе.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)